На Руінах Уласнага Цела

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, з праекту «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, праект «Яно Тут» \ Галерэя «Ў», Менск 2012

Антаніна Слабодчыкава, аб’ект «Яно Тут» \ 2010

 Архіў! © pARTisan #09’2009

— Цела, цела, дзе ты ногці падзела?
— Зьела…

Гэтак бабуля спрабавала адвучыць мяне грызьці пазногці. Убачыўшы, што я чарговым разам цягну пальцы ў рот, яна пачынала падрабязна апісваць незайздросныя пэрспэктывы, якія чакаюць мяне пасьля сьмерці: «Вось на тым сьвеце ў цябе запытаюцца: «Цела, цела, дзе ты ногці дзела?» А ты што тады адкажаш? Зьела?.. Вось і будзеш у гаўне шукаць свае пазногці».

Бабуля сапраўды спадзявалася паўплываць на мяне такім пэдагагічным прыёмам, як шантаж, але чамусьці гісторыя не рабіла адпаведнага ўражаньня й ніякім чынам не ўзьдзейнічала на маю кепскую звычку. Можа, праз тое, што пужалка мела патрэбу ў мадэрнізацыі, бо дасталася бабулі ад ейнай мамы (маёй прабабулі), а можа, празь дзіцячы скептыцызм і ўпэўненасьць у тым, што пасьля сьмерці мне будзе ўжо ўсё адно, у чым калупацца — у гаўне, ці ў золаце, ці яшчэ ў чым.

Максымум, на што мне хапала ўяўленьня, — на карцінку ў галаве, дзе маё беднае цела лётала недзе ў космасе сярод зораў, а побач зь ім лётала кучка лайна, у якім я (з даволі абыякавым выглядам) спрабавала нешта адшукаць…

Пазногці я грызьці не перастала. Пракалола сабе вушы, стрыгла, фарбавала й завівала валасы, неяк зламала руку, насіла лінзы (2 дні), займалася гімнастыкай (дзе планамерна расцягвала ўсе вядомыя й невядомыя цягліцы майго цела), а потым проста фізкультурай, карацей, так ці інакш спрабавала ўпісацца ў соцыюм, пакуль аднойчы не парэзала на сабе скуру…

Даволі зьбітае выказваньне: «Шнар упрыгожвае мужчыну», — акрэсьлівае сацыяльна прымальную ступень пашкоджанасьці цела для мужчынаў. Гэта дапушчальна, бо зьяўляецца маркерам мужнасьці, адвагі. Для жанчыны ж мета на целе (твары) — сынонім пачварнасьці, выродлівасьці. Адзін і той жа фэномэн надае шарму мужчыну, але робіць пачварнай жанчыну, такі прысуд выносіцца целу грамадзтвам.

У клясыфікацыі цялесных мадыфікацыяў, якая ўражвае сваёй выкшталцонасьцю й дэталёвасьцю (на жаль, ня маем магчымасьці прывесьці ўсе варыянты, але абяцаем апісаць самыя запамінальныя), сустракаецца так званы дуэльны шнар (або шнар хвалька). На пачатку ХХ ст. гэты від шнару быў папулярны сярод аўстрыйцаў і немцаў з вышэйшых колаў грамадзтва. Яны лічылі шнар сымбалем прыналежнасьці да сваёй клясы з прычыны сацыяльнай значнасьці дуэлянцкіх суполак у аўстрыйскіх унівэрсытэтах таго часу. Галоўным было паказаць сваю мужнасьць і давесьці, што ты — сапраўдны мужчына. Аднак, як ні дзіўна, пераможцам лічыўся ня той, хто змог параніць суперніка, а той, хто пакідаў поле бою з сакавітым шнарам, які й пацьвярджаў, што дуэлянт вытрымаў выпрабаваньне. Тыя студэнты, якія баяліся ісьці на двубой, рабілі сабе шнар пры дапамозе ляза, уціраючы ў рану віно, соль або закладваючы конскі волас для атрыманьня рэльефнасьці ці зьвярталіся да лекара. Культ двубою зьнік да Другой сусьветнай вайны, аднак шнар дагэтуль рамантызуецца ў фільмах і кнігах.

Іншым прыкладам нестандартнага абыходжаньня з уласным целам зьяўляецца ўціраньне попелу / атраманту ў рану. Пасьля таго як зроблены парэз, існуе некалькі варыянтаў яго гаеньня для атрыманьня пэўнага віду шнара. Адзін зь іх — гэта ўціраньне атраманту, які ятрыць рану, зьмяняе афарбоўку шнара й павялічвае ягоны памер. Некаторыя замест атраманту прыдумалі выкарыстоўваць попел. І ня нейкі там попел ад спаленага няўдалага верша ці апошняй выпаленай табою цыгарэты, а той попел, што застаўся пасьля крэмацыі родных або каханых.

Гэтак блізкі табе чалавек будзе заўсёды з табой — ня толькі побач, але й у табе (у літаральным сэнсе гэтага слова).

Складанасьць узаемадачыненьняў сябе й свайго цела Ж. Л. Нансі (J. L. Nancy) азначвае парадоксам, пры якім «я ніколі не спазнаю свайго цела й ніколі не спазнаю сябе ў якасьці цела […] Але іншых я спазнаю ў якасьці целаў». Назіраючы за тым, як людзі ходзяць, бегаюць, сядзяць, плаваюць, проста стаяць і разьмяшчаюць сваё цела ў прасторы, можна бязь цяжкасьцяў заўважыць, што прадстаўнікі розных культур робяць гэта па-рознаму. Уплыў культуры, якая зьўляецца вызначальнай (роднай) для індывіда, відавочны.

На гэта зьвярнуў увагу яшчэ М. Мос (M. Mauss) у сваёй працы «Грамадзтва. Абмен. Асоба: Працы па сацыяльнай антрапалёгіі». Аказваецца, чалавецтва можна падзяліць на дзьве вялікія групоўкі: першая — тая, што, адпачываючы, сядзіць на кукішках, і другая — якая дзеля гэтага выкарыстоўвае нейкі прадмет. Часам, калі чакаеш на тралейбус ці аўтобус у сьпякотны дзень, гэтак хочацца прысесьці на кукішкі. Ці ўявім, як на пятаку ля Макдоку або «Цэнтральнага» моладзь пасела на кукішкі, паліць і пацягвае жывільныя напоі… м-так, дзіўна… А вось для ўсходняга чалавека гэтая поза цалкам натуральная, як і для людзей, што адбывалі тэрмін на савецкіх зонах альбо працавалі на поўначы на лесапавале й г. д. Былых зэкаў часта можна пазнаць менавіта па гэтай позе. Хоць, калі ўзгадаць сябе ў дзяцінстве, дык, пэўна, кожны прыгадае, як «грашыла/ў» сядзеньнем на кукішках.

Чалавек нараджаецца, «не валодаючы» целам, а навучаецца цялесным дзеяньням падчас практыкі, якая прыводзіць да пэўных тэхнікаў цела.

Працэс авалодваньня гэтымі тэхнікамі адбываецца пры дапамозе наглядных дэманстрацыяў, выхаваньня й трэніровак. Больш за тое, пэўныя дзеяньні ўласнага цела могуць трапляць у катэгорыю забароненых і непрэзэнтабельных. Так, да прыкладу, «некультурна» калупацца ў носе, трымаць рукі ў кішэнях, «непрыгожа» горбіцца ці стаяць з разяўленым ротам (заляціць хтось). Прычым усе гэтыя «культурныя манеры» могуць аказацца абсалютова бездапаможнымі, а можа, нават і шкоднымі, зьмяні ты геаграфічныя каардынаты гасьцяваньня. Менавіта таму цялесная актыўнасьць разглядаецца як сацыяльна сканструяваная й культурна спэцыфічная, і менавіта таму па рухах і «цялесных звычках» можна казаць пра пэўную нацыянальнасьць ці ўзрост і г. д.

….

усё пачынаецца з таго, што недзе паміж скобаў робіцца нясьцерпна горача, сэрца перажывае, што на яго забыліся, і таму працуе ўдвая гучней і мацней. позірк спыняецца і паглыбляецца ў невядомым кірунку. штосьці ўнутры разрастаецца да такіх памераў, якія робяць цела замалым, і так карціць пазбавіцца гэтых межаў. тады я іду, бяру «адкаркоўку» і ўскрываю сваё цела. я выпускаю паветра, памяншаю ціск, што быў гатовы разарваць мяне.

….

Аўтаагрэсія (г. зн. гвалт, скіраваны на сябе) можа быць выкліканая ня толькі псыхалягічнымі праблемамі або «адхіленьнямі», але й традыцыяй ці пэўнымі павер’ямі й забабонамі. Так, у Старажытнай Грэцыі жанчыны, якія аплаквалі блізкіх сваякоў, зразалі сваё валосьсе й драпалі сабе пазногцямі да крыві твар і шыю. Арабскія жанчыны падчас жалобы зрывалі зь сябе верхнюю сукенку, драпалі сабе пазногцямі грудзі й твар, білі сябе абуткам і абстрыгалі валосьсе. Жанчыны Асырыі й Армэніі ў старажытнасьці раздрапвалі сабе шчокі ў знак смутку. Калі старажытныя скіфы аплаквалі сьмерць цара, яны абстрыгалі валосьсе на галаве, рабілі парэзы на руках, драпалі сабе лоб і нос, адсякалі кавалкі вушэй і стрэламі прабівалі левую руку. Гуны ў знак жалобы рабілі сабе шнары на твары й галілі галовы.

Каб паказаць сваё гора пасьля сьмерці сваяка або сябра, шашоны — індзейскае племя ў Скалістых гарах — рабілі парэзы на сваім целе, і, чым мацней была іхная любоў да памерлага, тым глыбейшымі былі гэтыя раны. Жыхары Тонга прыносілі багам у ахвяру кончык свайго мезенца для таго, каб дапамагчы выздаравець хвораму сваяку. У Кітаі людзі адсякалі кавалкі ўласнага цела («расчляняльнікі сьцёгнаў») у надзеі, што багі прымуць іхнюю ахвяру й вылекуюць састарэлых бацькоў.

Аднак расставаньне з часткамі свайго цела не заўсёды суправаджаецца болевымі адчуваньнямі, больш за тое, часам яно пераходзіць у шэраг будзённых практык. Так ці інакш, усе мы займаемся цялеснымі мадыфікацыямі, калі падстрыгаем пазногці або валосьсе. Што тычыцца апошняга, дык у шмат якіх народаў валосьсе надзялялася пэўнай сілай, а састрыганьне служыла знакам якойсь важнай жыцьцёвай падзеі. Старажытныя эгіпцяне падчас вандровак ня стрыгліся, але па вяртаньні галіліся налыса. Сьмяротную абразу можна было нанесьці паўночнаамэрыканскаму індзейцу, проста дакрануўшыся да ягонага валосься. У беларускай традыцыі, як і ў іншых славянаў, існуе рытуал расплятаньня касы нявесты. Раней, у эпоху матрыярхату, касу не распляталі, а адразалі некалькі пасмаў валасоў, якія заставаліся ў хаце нявесты й прыносіліся ў ахвяру родавым духам у знак вызваленьня дзяўчыны зь ейнага роду.

Такім чынам, цела чалавека разглядалася як прастора для нанясеньня «сацыяльных знакаў».

Татуіроўка, штучная зьмена формы носу, вушэй, шыі, канечнасьцяў, абразаньне й клітарадэктамія — усё гэта сымбалізавала прыналежнасьць чалавека да пэўнага роду, групоўкі, касты. Чалавек ня толькі нараджаецца, але й «вырабляецца», «выразаецца». Рытуальнае членашкодніцтва ў розных народаў уключае выдзіраньне або падпілоўваньне зубоў і пазногцяў, ампутацыю апошняй фалянгі мезенца, вышчыпваньне броваў, татуіроўкі й насечкі на целе, праколваньне вушэй і ноздраў, расьцягваньне вуснаў і вушэй, эпіляцыю й галеньне, стрыжку. Ажыцьцяўляючы цялесныя мадыфікацыі, якія маюць рэлігійную (у шырокім сэнсе) падаплёку, чалавек спрабуе ўпісацца ў соцыюм і зацьвердзіць тамака свае пазыцыі. Такога кшталту членашкодніцтва носіць калектыўны характар і не асуджаецца грамадзтвам, яно спрыяе інкарпараваньню індывіда ў сацыяльную сыстэму, ня робячы зь яго/яе выгнанца або вар’ята.

….

Спазнаньне ўласнага цела працякае праз адмаўленьне, жаданьне выскачыць зь яго, быццам правяраючы, удакладняючы, маё яно ці не, слухаецца яно мяне ці іншых, слухаюся я яго ці іншых.

….

За часамі Вялікай Францускай рэвалюцыі было модна імітаваць сьляды ад павешаньня (або ад гільятыны) на шыі. Сёньня штуршком да «жорстага абыходжаньня» са сваім целам служаць, да прыкладу, суіцыдальныя настроі, ініцыяваныя культурай заняпаду, расчараваньне ў матэрыялістычным сьвеце, прэсынг інфармацыі, за якой не пасьпяваеш сачыць. Як рэакцыя на правільны й прыгожы сьвет узьнікае альтэрнатыўны вобраз пачварнасьці й убоства, супрацьпастаўлены істэблішмэнту. Жанчыне, як носьбітцы цела, якому прыпісаныя пэўныя выразныя функцыі, гэткае жаданьне асабліва блізкае, бо, робячы сабе пашкоджаньні, яна спрабуе адмаўляць тое цела, што навязвае ёй грамадзтва. Занадта правільны й прыгожы сьвет глямуру выклікае адваротную рэакцыю й імкненьне ня быць прапісанай у ім, каб захаваць-абараніць сябе, непаўторную й недасканалую.

Але сыстэма капіталізму выбудаваная так, што кожную ўнікальную зьяву можа пераўтварыць у тавар на рынку й адшукаць (ці, чытай, стварыць) сэгмэнт пакупнікоў (попыт) на гэты, здавалася б, адзінкавы прадукт. Татуіроўка сёньня ўжо не зьяўляецца чымсьці радыкальным, яе робяць дзяўчаты з «правільных сем’яў», а хлопчыкі з гэткіх жа сем’яў могуць насіць завушніцы, і вельмі рэдка гэта выклікае зьдзіўленьне або агрэсію. Адшукаць у краме проста шампунь ужо немагчыма — ёсьць шампунь для сухога валосься, для тлустага, для доўгага, фарбаванага, для цёмнага, сьветлага й рудога і мноства іншых, а проста шампуню — няма.

Гэтак выбудоўваецца падманлівае адчуваньне ўнікальнасьці, і мне, «такой унікальнай», вядома ж, патрэбны «ўнікальны прадукт» — вузкаспэцыялізаваны. І калі фірма прапануе тое, што мне «трэба», я аддам за гэта грошы, я буду гатовая плаціць за сваю ўнікальнасьць. Капіталізм прадае ўнікальнасьць, яна не ствараецца мною самой, а набываецца за грошы — і вось я ўжо тут, я веру ў сваю ўнікальнасьць, і для ейнай падтрымкі-падпіткі мне неабходна набываць новыя і новыя вузкаспэцыялізаваныя тавары. Шнараваньне й скарынг, або самапакоцаньне, пакуль не атрымала такога распаўсюду, але цалкам верагодна, што гэта толькі пытаньне часу.

….

Пакідаючы свой горад, можна зайсьці далёка й шмат вытрываць, можна цалкам страціць пачуцьцё болю й фанатычна грукацца да брамы іншага гораду, пакуль не адчыняць, і пражыць там, губляючы крок за крокам памяць, успаміны, ствараючы культ новаадшуканага полісу, тым часам як твой горад пачне паціху развальвацца, цаглінка за цаглінкай, якія па сутнасьці ўнікальныя кожная па сабе, і згубіўшы іх, аднавіць будзе немагчыма, замяніць — так, узнавіць — ніколі.

Сёньня новыя тэхналёгіі ствараюць дадатковыя органы нашага цела. Мы прызвычайваемся да іх настолькі, што, пакінуўшы дома мабільны тэлефон, будзем пачувацца як бяз рукі. Мы зрастаемся з нашымі кампутарамі, мышкамі, слухаўкамі, МР3-плэерамі і г. д. Інтэрнэт і кібэрпрастора робяць неабавязковай непасрэдную прысутнасьць цела. Усё гэта вядзе да пэўнай фрагмэнтызацыі цела, якое можна будзе разабраць, дапоўніць нейкімі часткамі й сабраць наноў.

Адчужанасьць ад уласнага цела прымушае вяртацца да болю як да той апошняй інстанцыі, што яшчэ можа нагадаць пра рэальнасьць цялеснай існасьці.

Я вяртаю сябе да сябе, прывязваю чырвонымі ніткамі шнараў да той матэрыі, якая аддаляецца, бо не пасьпявае, ці ня хоча пасьпяваць за тым, што адбываецца навокал. Лепш ня быць, чым быць такім, але зьнікні яно — зьнікну і я. Разумеючы гэта, я хапаю сваё цела за руку, затрымліваю й прашу застацца са мной.

….

Горад, у якім я жыву, чымсьці падобны да іншых гарадоў, аднак, бясспрэчна, мае свой непаўторны калярыт, форму, плян вуліцаў і выгляд будынкаў, сваю архітэктоніку. Часам так хочацца зьбегчы з гэтага гораду, часам у ім раздражняе ўсё, але бываюць моманты шчасьця й сусьветнай гармоніі гармоніка гарамонт герніка грак…

спатрэбілася пэўная доля часу, каб зразумець, што галоўны архітэктар гэтага гораду — я,

і толькі я вырашаю ягоны будучы лёс, зацьвярджаю ці адмаўляю праекты па зьмене, пераносе пэўных будынкаў і помнікаў, я вырашаю, хто можа заставацца ў маім горадзе й быць чаканым госьцем, а хто ніколі не атрымае візы. Гарады-пабрацімы-пасястрыны, гарады-героі, зьніклыя гарады або зруйнаваныя й тыя, якія яшчэ паўстануць. Часам так няпроста любіць горад, у якім жывеш, але менавіта з гэтага й пачынаецца любоў да сябе, да гораду свайго цела…

Вольга Гапеева

Фатаграфіі © Антаніна Слабодчыкава, пэрсанальная старонка.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology